01.12.2019

«5 элемент» прыняў удзел у Фестывалі Уладзіміра Караткевіча



30 лістапада ў Смалянах і Оршы прайшоў Фестываль Уладзіміра Караткевіча, прымеркаваны да 89-х угодкаў з дня нараджэння пісьменніка. Фестываль, задуманы як вандроўка, адбываўся цэлы дзень і сабраў больш за паўсотні літаратараў і прыхільнікаў літаратуры з Оршы, Віцебску, Мінска ды іншых куткоў Беларусі.

Фестывальны дзень распачаўся экскурсіяй па Смалянах. На яе пачатку мела месца сімвалічная падзея. Паводле прапановы адной з арганізатарак, Фэст Караткевіча далучыўся да сусветнай акцыі «Гарады за жыццё – гарады супраць смяротнага пакарання».

Пакінуўшы Смаляны, вандроўнікі выправіліся ў Оршу, дзе пабывалі на адкрыцці «Цудоўнай крамы», якая распачала ў Оршы гандаль сувенірамі з лакальнай і нацыянальнай атрыбутыкай.

Фэст працягнуўся яшчэ дзвюма экскурсіямі: наведваннем Музею Уладзміра Караткевіча і экскурсіяй Паліны Качатковай па вуліцы Караткевіча і прыдняпроўскім раёне Оршы, дзе рос пісьменнік і дзе ён потым часта бываў і працаваў. Родны дом Караткевіча па адрасе вуліца Караткевіча 10, быў апісаны ў рамане «Нельга забыць».

Дом і падворак былі адкрытыя ўдзельнікам фестывалю са згоды яго цяперашняга ўласніка, старшыні Савету заснавальнікаў ЗАТ «Патио» (гандлёвая марка «5 элемент»), мецэната Андрэя Балабіна. Падчас фестывалю ўмацаваліся спадзевы на тое, што неўзабаве родны Дом Караткевіча распачне сваю працу ў форме Музею і грамадскай прасторы.

У кавярні «Замкавая» ў мурах Езуіцкага Калегіума адбылася другая частка фестывалю. У дыскусіі «Беларусь, прачынайся! Я цябе абуджаю!» аб ролі Уладзіміра Караткевіча ў фармаванні новай ідэнтычнасці беларусаў узялі ўдзел пісьменнікі і грамадскія дзеячы.

Сюрпрызам зрабілася ініцыятыва аднаго з партнёраў фестываля – кампаніі «5 элемент», якая ўшанавала каштоўным падарункам – ноўтбукам – паэтку Настассю Кудасаву. Кудасава была адзначаная «за паэзію апошніх гадоў і ўдзел у захаванні памяці Уладзіміра Караткевіча ў яе родным Рагачове». Падарунак па просьбе мецэнатаў уручыў Уладзмір Арлоў, які выказаў спадзяванне, што ў будучыні «вандроўны фестываль» Караткевіча наведае і Рагачоў, дзе грамадская супольнасць таксама рыхтуецца ператварыць у музей дом сваякоў пісьменніка.

Настасся Кудасава была абвешчаная лаўрэаткай першага Фестывалю Караткевіча.